ФІ́ЗІКА НІ́ЗКІХ ТЭМПЕРАТУ́Р,

галіна фізікі, якая вывучае кандэнсаваныя (вадкі і цвёрды) станы рэчыва пры нізкіх і звышнізкіх т-рах (гл. Нізкія тэмпературы). Асн. яе праблемы звязаны з даследаваннямі пры т-рах, меншых за 0,001 К, і пошукам матэрыялаў з высокатэмпературнай звышправоднасцю.

Пры нізкіх т-рах выяўлены з’явы і заканамернасці ўзаемадзеяння квазічасціц, якія пры звычайных т-рах вуаліруюцца цеплавым рухам часціц. Пры паніжэнні т-ры ў рэчыве змяншаюцца цеплавыя ваганні атамаў і малекул, што вядзе да праяўлення ў кандэнсаваных асяроддзях квантавых эфектаў (звышправоднасці, звышцякучасці інш.). Пры нізкіх т-рах усе рэчывы (акрамя гелію) крышталізуюцца з утварэннем крыякрышталёў (гелій да абс. нуля т-ры застаецца квантавай вадкасцю, аднак пад павышаным ціскам утварае квантавы крышталь). Пры гэтым у рэчыве істотна змяняюцца ўласцівасці электронаў і крышталічнай рашоткі, законы размеркавання квантаванай энергіі паміж рознымі тыпамі квазічасціц рэчыва, адбываюцца фазавыя пераходы, звязаныя з упарадкаваннем часціц. На аснове з’яў Ф.н.т. узніклі крыягенныя тэхніка, электроніка, энергетыка, біялогія, медыцына, хімія і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах Ф.н.т. вядуцца з 1960-х г. у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН, БДУ і інш.

Літ.:

Абрикосов А.А. Основы теории металлов. М., 1987;

Капица П.Л. Физика и техника низких температур: Науч. тр. М., 1989;

Милошенко В.Е. Введение в физику сверхпроводников. Воронеж, 1992.

С.​Я.​Дзям’янаў.

т. 16, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)